МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА АХО́ВЫ ЖАНЧЫ́Н.
Існавала ў 1901—14 у Мінску. Засн. гар. галавой К.Э.Чапскім. Знаходзілася пад уплывам дзеячаў ліберальна-апазіцыйнага руху. У рабоце т-ва ўдзельнічалі пераважна жонкі чыноўнікаў і прадпрымальнікаў. Мела юрыд. аддзел, прысяжныя павераныя якога давалі бясплатныя юрыд. кансультацыі, бюро па арганізацыі лекцый. Жанчыны-ўрачы вялі курс жаночай гігіены, выкладчыкі гімназіі К.В.Фальковіча чыталі лекцыі па астраноміі, гісторыі і л-ры. У 1904—05, 1912—13 пры т-ве дзейнічалі нядзельныя школы, быў адкрыты прытулак для дзяцей рабочых. Спыніла дзейнасць з пачаткам 1-й сусв. вайны.
З.В.Шыбека.
т. 10, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)